8 июня 2018БЕЛАРУСКІ КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК 1930-х


15 снежня 1930 года ЦВК і СНК СССР прынялі пастанову «Аб ліквідацыі народных камісарыятаў унутраных спраў саюзных і аўтаномных рэспублік». Кіраўніцтва міліцыяй і крымінальным вышукам ускладалася на адпаведныя ўпраўленні пры рэспубліканскіх Саветах народных камісараў.

Пасля ліквідавання НКУС БССР на базе яго адміністрацыйнага ўпраўлення было створана Галоўнае ўпраўленне міліцыі
і крымінальнага вышуку пры СНК БССР 

«Аддзелам крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР...»
Адначасова з гэтай пастановай ЦВК і СНК СССР прынялі таксама сакрэтную пастанову «Аб кіраўніцтве органамі АДПУ дзейнасцю міліцыі і крымінальнага вышуку». На падставе гэтага нарматыўнага прававога акта Аб,яднанае дзяржаўнае палітупраўленне (АДПУ) СССР і яго мясцовыя органы атрымалі права не толькі прызначаць, перамяшчаць і звальняць кіруючых работнікаў органаў міліцыі і крымінальнага вышуку, іх інспектавання і кантролю, але і выкарыстоўваць для вырашэння сваіх задач тэхнічныя і аператыўныя магчымасці міліцыі і крымвышуку.

Галоўнае ўпраўленне міліцыі і крымінальнага вышуку пры СНК БССР (з верасня 1931 года - Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі пры СНК БССР) знаходзілася ў аператыўным падначаленні Паўнамоцнага прадстаўніцтва (ПП) АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе (з верасня 1931-га - ПП АДПУ па БССР).

У снежні 1932 года было створана Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі пры АДПУ СССР - першы агульнасаюзны цэнтральны орган галіновага кіравання, на які ўскладалася агульнае кіраўніцтва міліцыяй усёй савецкай дзяржавы.

У 1934 годзе адбылася новая рэарганізацыя органаў аховы грамадскага парадку і дзяржаўнай бяспекі. У ліпені быў утвораны агульнасаюзны народны камісарыят унутраных спраў СССР, кампетэнцыя якога ахоплівала дзяржаўную бяспеку, грамадскі парадак, пажарную, памежную і ўнутраную ахову, запіс актаў грамадзянскага стану, а таксама кіраванне папраўча-працоўнымі лагерамі і працоўнымі пасяленнямі. Структура ведамства выглядала наступным чынам:
- Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі;
- Галоўнае ўпраўленне рабоча-
сялянскай міліцыі;
- Галоўнае ўпраўленне памежнай і ўнутранай аховы;
- Галоўнае ўпраўленне пажарнай аховы;
- Аддзел актаў грамадзянскага стану;
- Адміністрацыйна-гаспадарчае ўпраў­­ленне;
- Фінансавы аддзел;
- Аддзел кадраў;
- Сакратарыят;
- Асобаўпаўнаважаны НКУС СССР.

Па структурным падабенстве агульнасаюзнага народнага камісарыята ўнутраных спраў быў утвораны НКУС БССР. Паводле структуры і характару дзейнасці агульнасаюзны і рэспубліканскія наркаматы істотна адрозніваліся ад народных камісарыятаў унутраных спраў, якія існавалі ў 1920-х. Яны былі вызвалены ад неўласцівых ім функцый па кіраўніцтве камунальнай гаспадаркай і працай мясцовых Саветаў.

Фармальна НКУС быў адным з цэнтральных органаў галіновага кіравання, такім жа, як і іншыя агульнасаюзныя і саюзна-рэспубліканскія наркаматы. Аднак практычна яго «наркаматаўскі» статус быў нашмат вышэй. У гэтым кантэксце вельмі паказальным з’яўляецца да­кумент - сакрэтнае ўказанне наркамата ўнутраных спраў СССР ад 20.03.1940 № 76. «У сувязі з тым, што за апошні час, - гаварылася ў ім, - у практыцы органаў пракуратуры і суда маюцца выпадкі неабгрунтаванага спынення спраў і вызвалення з-пад варты абвінавачаных, Саўнаркам СССР абавязаў органы пракуратуры і суда вызваленне арыштаваных па справах, якія вядуцца НКУС, папярэдне ўзгадняць з органамі НКУС». У адпаведнасці з гэтым указаннем органам НКУС (пры наяўнасці з іх боку «пярэчання») забаранялася вызваляць з-пад варты арыштаваных, не зважаючы на вынясенне адпаведных пастаноў пракуратурай або судовым органам. Таксама прадпісвалася «ўсталяваць у турмах такі парадак, каб без згоды органаў НКУС ні адзін арыштаваны па справах, якія вядуцца органамі НКУС, з-пад варты не вызваляўся».

Гаворачы пра асаблівасці развіцця крымінальнага права ў 1930-я, варта адзначыць, што для яго ў гэты перыяд характэрныя ўзмацненне барацьбы супраць найбольш небяспечных дзяржаўных злачынстваў, супраць злачынстваў, аб’ектам якіх з’яўлялася сацыялістычная ўласнасць, а таксама ўзмацненне жорсткасці мер пакарання.

У адпаведнасці з арт. 4 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года грамадска небяспечным дзеяннем (злачынствам)прызнавалася «ўсякае дзеянне або бяз­дзейнасць, накіраванае супраць асноў савецкага ладу або правапарадку, усталяваных рабоча-сялянскай уладай на пераходны да камунізму перыяд».

У аснову дзяржаўнай палітыкі была пакладзена сталінская формула аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры прасоўвання да сацыялізму. У 1930-я прынялі самыя жорсткія законы, накіраваныя супраць «ворагаў народа», «шкоднікаў», «дыверсантаў» і «раскрадальнікаў сацыялістычнай уласнасці».

Прыкладам можа з’яўляцца пастанова ЦВК і СНК СССР ад 7 жніўня 1932 года «Об охране имущества государственных предприятий, колхозов и кооперации и укреплении общественной (социалистической) собственности». Яна надала раскрадальнікам ранг ворагаў народа, паставіла ў роўнасць крадзяжы і дзяржаўныя злачынствы. У адпаведнасці з гэтым прававым актам, больш вядомым як «закон аб трох каласках», нават за самы дробны крадзёж людзі караліся смерцю альбо зняволеннем да дзесяці гадоў.

У 1933 годзе ЦВК СССР прыняў пастанову «Об ответственности служащих государственных учреждений и предприятий за вредительские акты», у якім адзначалася, што «за апошні час выяўленыя факты ўдзелу ў контррэвалюцыйнай шкодніцкай дзейнасці некаторых дзяржаўных службоўцаў, асабліва абавязаных па сваім статусе і прадастаўленых ім правоў праяўляць да рабоча-сялянскай дзяржавы шчырае і добрасумленнае стаўленне». Да абвінавачаных у гэтых злачынствах супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў з асаблівай строгасцю ўжываліся рэпрэсіўныя меры.

Галоўная роля ў выяўленні «контр­рэвалюцыйнага элемента» належыла Галоўнаму ўпраўленню дзяржаўнай бяспекі НКУС, а крымінальныя справы па іх у асноўным разглядалі органы пазасудовай расправы - Асобыя нарады пры НКУС і падначаленыя ім «тройкі» на месцах. У склад так званых троек, якія, як правіла, зацвярджаліся на бюро партыйнага органа, уваходзілі адпаведна начальнікі ўпраўленняў НКУС, сакратары камітэтаў УКП (б) і пракуроры. Як адзначаюць беларускія навукоўцы, да 1938 года парушэнні законнасці дасягнулі такіх маштабаў, што рэпрэсіўная машына праз сістэму пазасудовых органаў перамолвала і матэрыялы па крымінальных справах.

У гэты драматычны час асноўнымі накірункамі дзейнасці міліцыі заставаліся барацьба са злачыннасцю і ахова грамадскага парадку. Аддзел крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР у 1934 - 1941 гг. канцэнтраваў сваю дзейнасць на раскрыцці рабаванняў, канакрадства і іншых крадзяжоў, барацьбе з хуліганствам.

Да заснавання ў структуры міліцыі службы БКСУ (сакавік 1937 года) у крымінальным вышуку таксама канцэнтравалася практычная барацьба з эканамічнымі злачынствамі (спекуляцыяй, фальшываманецтвам, растратамі, падлогамі).

Пра дзейнасць беларускага крымінальнага вышуку ў гэтым накірунку дае ўяўленне дакладная НКУС БССР, накіраваная 2 студзеня 1937 года на імя сакратара ЦК КП(б)Б М. Ф. Гікалы. Прывядзем вытрымку з яе: «Аддзелам крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР на падставе атрыманых дадзеных выкрыта і ліквідавана група электраманцёраў, якая займалася крадзяжамі электрапровадаў і іншых электраматэрыялаў». Як адзначалася ў дакладной, у склад групы ўваходзілі электраманцёры, тэхнікі і матэрыяльна-адказныя асобы чыгуначнай станцыі Мінск, будаўнічай канторы Беларускага ўпраўлення сувязі, сталічных электрастанцыі, лінейна-тэхнічнага вузла сувязі і мясакамбіната. Выкрадзеныя са складоў упраўлення сувязі, чыгуначнай і электрастанцыі «вострадэфіцытныя медныя драты і цвікі», ізалятары, крукі да ізалятараў і інш. збываліся электраманцёрамі, якія частку скрадзенага прадавалі розным асобам, а таксама «прыватным парадкам па завышаных цэнах рабілі ў дзяржаўных установах электраправодкі».

Таксама ў студзені 1937-га аддзелам крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР была выкрыта злачынная група, якая займалася «крадзяжом водаправодных, каналізацыйных труб і іншых вострадэфіцытных тавараў». У спецданясенні па дадзеным факце адзначалася, што члены групы на працягу апошняй паловы 1936 года заключалі ўсялякія дагаворы на абсталяванне водаправода і каналізацыі ў розных установах і арганізацыях Мінска, выкарыстоўваючы для гэтага крадзеныя матэрыялы. Да крымінальнай адказнасці па гэтай справе быў прыцягнуты шэраг кіраўнікоў і адказных чыноўнікаў устаноў і арганізацый БССР, у прыватнасці намеснік дырэктара вучэбнага камбіната сувязі і загадчык базай Белторфа.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны (май 1941 года) аддзел крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР структурна складаўся з трох аддзяленняў (першае - па барацьбе з рабаваннямі і забойствамі, другое - па барацьбе з крадзяжамі ўсіх відаў, трэцяе - па барацьбе з махлярствам, хуліганствам, палавымі і іншымі злачынствамі) і чатырох груп (па барацьбе з дзіцячай злачыннасцю, апервышука, службовага сабакаводства і следчай).


У фарватары жорсткага часу
З верасня 1936 па снежань 1938 года ведамства на Лубянцы ўзначальваў генеральны камісар дзяржаўнай бяспекі Мікалай Яжоў (1895 - 1940), малаадукаваны пралетарый з каліграфічным пісьмом, які за 20 гадоў здолеў вырасці ад старшага пісара 5-й тылавой артылерыйскай майстэрні Паўночнага фронта, што дыслацыравалася ў Віцебску, да кіраўніка найбуйнейшай у свеце сакрэтнай службы. Менавіта на перыяд яго знаходжання на пасадзе наркама ўнутраных спраў СССР прыпадае пік палітычных рэпрэсій у краіне.

У БССР наркамат унутраных спраў з сакавіка 1937 па май 1938-га ўзначальваў камісар дзяржбяспекі 3-га рангу Барыс Берман (1901 - 1939).

Вядомы расійскі пісьменнік-публіцыст Леанід Млечын у сваіх даследаваннях па гісторыі чэкісцкіх органаў прыводзіць наступную злавесную статыстыку 1937 года: арыштаваны за контррэвалюцыйныя злачынствы - 936 750 чал., расстраляны - 353 074 чал.; у лагерах і турмах сядзелі 1 300 000 чал.; толькі за шпіянаж у 1937 годзе органы НКУС пазасуджвалі 93 тыс. чал.

У чорныя спісы «ворагаў народа» трапілі не толькі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, навукоўцы, служыцелі царквы, але і партыйныя, і савецкія кіраўнікі, чыё меркаванне ішло насуперак генеральнай лініі кіроўнай партыі пра сродкі і метады пабудовы сацыялістычнага грамадства ў краіне. Ахвярамі жахлівай канвеернай сістэмы рэпрэсій сталі і самі яе стваральнікі, і выканаўцы, ад наркамаў да радавых супрацоўнікаў НКУС.

- Вядома нямала фактаў, калі ў разрад уяўных «ворагаў народа» неабгрунтавана траплялі сумленныя работнікі органаў НКУС, якія спрабавалі пратэставаць супраць сталінска-яжоўскага беззаконня і самавольства, - адзначае прафесар Акадэміі МУС палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксей Вішнеўскі. - Так, паводле звестак камісіі МУС Рэспублікі Беларусь па рэабілітацыі сталінскіх ахвяр, да гэтага дня невядомы лёс 54 супрацоўнікаў РСМ НКУС БССР, рэпрэсіраваных у даваенны перыяд. Пры гэтым у «чорныя спісы» траплялі не толькі кіраўнікі органаў, але і ўчастковыя інспектары, оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку, радавыя, курсанты школы міліцыі, бухгалтары, начальнікі складоў, сакратары і інш.

1937-мы пакінуў свой трагічны след і ў лёсах супрацоўнікаў крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР. Па падазрэнні ў шпіянажы, як «агенты польскай выведкі», былі арыштаваны оперупаўнаважаныя Шыдлоўскі і Герман, інспектар Ануфрэйчык.

А ў чэрвені 1938 года як «актыўных удзельнікаў контррэвалюцыйнай арганізацыі «ПАВ» (Польскай арганізацыі вайсковай)» арыштавалі начальніка аддзела крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР старшага лейтэнанта міліцыі Ілью Шараватых і былога кіраўніка гэтага аддзела, намесніка начальніка УРСМ НКУС БССР капітана міліцыі Уладзіміра Яноўскага. Дарэчы, абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Польшчы па тым часе было стандартным.

Начальнік аддзела крымінальнага вышуку УРСМ НКУС БССР старшый лейтэнант міліцыі Ілья Шараватых

Намеснік начальніка УРСМ НКУС БССР капітан міліцыі Уладзімір Яноўскi

11 жніўня 1937 года наркам М. Яжоў падпісаў сакрэтны загад «О ликвидации польских диверсионно-шпионских групп и организаций ПОВ», які быў накіраваны народным камісарам унутраных спраў саюзных рэспублік, начальнікам упраўленняў НКУС аўтаномных рэспублік, абласцей і краёў разам з закрытым лістом. У гэтым лісце адзначалася, што амаль з самага моманту ўзнікнення УНК «на важнейших участках противопольской работы сидели проникшие в ВЧК крупные польские шпионы - Уншлихт, Мессинг, Пиляр (кіраваў ДПУ БССР у 1925 - 1929 гг.), Медведь (кіраваў ДПУ БССР у 1924 - 1925 гг.), Ольский (кіраваў ДПУ БССР у 1921 - 1923 гг.), Сосновский, Маковский, Логановский, Баранский и ряд других, целиком захватившие в свои руки противопольскую разведывательную и контрразведывательную работу ВЧК-ОГПУ-НКВД».

Ужо будучы арыштаваным, М. Яжоў скажа: «Я пачаў сваю працу з разгрому польскіх шпіёнаў, якія пралезлі ва ўсе аддзелы органаў ЧК, у іх руках была савецкая выведка».

Націск на сувязь з польскай выведкай рабіўся пры наяўнасці ў біяграфіі абвінавачаных любога «зручнага» факту для супрацоўнікаў НКУС, якія імкнуліся ў «фарватары» жорсткага часу хутчэй адрапартаваць у цэнтр аб раскрыцці новай шпіёнскай сеткі.

Паводле звестак УДБ НКУС БССР, толькі з 1 чэрвеня па 1 верасня 1938 года былі рэпрэсіраваны 6530 «шпіёнаў, дыверсантаў і паўстанцаў польскай, латышскай і нямецкай выведак». Як удзельнік ваенна-фашысцкай змовы і агент польскай выведкі ў 1938 годзе быў выкрыты і той, хто сам выносіў такія прысуды, - старшыня Вайсковага трыбунала Беларускай ваеннай акругі, дывваенюрыст Мільяноўскі.

14 чэрвеня 1939-га прысудам Вайсковага трыбунала войскаў НКУС СССР Беларускай акругі кіраўнік крымінальнага вышуку Беларусі старшы лейтэнант міліцыі І. Шараватых і намеснік кіраўніка беларускай міліцыі капітан міліцыі У. Яноўскі былі прысуджаныя да выключнай меры пакарання - расстрэлу.

Але ў судзе афіцэры не прызналі сябе вінаватымі і апавядалі пра жахлівыя катаванні на допытах. Таксама яны агучылі страшэнныя факты распараджэнняў і ўказанняў вышэйшага кіраўніцтва рэспубліканскага і саюзнага наркаматаў унутраных спраў.
У судзе І. Шараватых з «пралетарскай праматой» заявіў: «Берман мне лаяў, казаў, што органы НКУС на новым этапе і могуць біць арыштаваных, але мы з Яноўскім у сваёй практычнай рабоце гэтага не дапускалі».

Ужо пасля абвяшчэння прысуду, знаходзячыся ў камеры смяротнікаў ва ўнутранай турме НКУС БССР, Шараватых і Яноўскі працягвалі пісаць лісты на імя наркамаў унутраных спраў БССР Л. Цанавы і СССР - Л. Берыі, а таксама ва ўсе вышэйшыя партыйныя інстанцыі, патрабуючы перагляду судовага разбіральніцтва і пакарання тых супрацоўнікаў НКУС БССР, хто вінаваты ў «фабрыкацыі ліпавых спраў». З падобнымі просьбамі звярталіся і сваякі арыштаваных.
Напрыклад, 17-гадовая дачка У. Яноўскага Ліда напісала ліст нават Сталіну, дзе былі такія словы: «...не магу сабе ўявіць, што ў нашай выдатнай, свабоднай краіне гіне бязвінна сумленны і адданы сваёй Радзіме і партыі Леніна-Сталіна чалавек».

Цікавы факт - Яноўскі быў выхадцам з чужога пралетарыяту класа. Як ён сам казаў на судзе, бацька служыў чыноўнікам у Пецярбургу, але ў «70-х гадах ХІХ стагоддзя за нейкае злачынства быў сасланы ў Сібір і пазбаўлены дваранства». А ў 1919 годзе У. Яноўскі непрацяглы час служыў радавым 18-га ахоўнага чыгуначнага батальёна арміі А. Калчака (1874 - 1920). Праўда, у 1920 годзе добраахвотна перайшоў на бок «чырвоных» і ў далейшым факт службы ў Белай арміі не хаваў, адзначаючы яго ва ўсіх спецанкетах АДПУ-НКУС.

Шматлікія звароты падзейнічалі належным чынам. Рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 20 лютага 1940 года прысуд быў цалкам адменены, справа спынена. Выпадак на той час унікальны.

Адзначым таксама, што следчыя па справе І. Шараватых і У. Яноўскага, якія непасрэдна іх дапытвалі, - начальнік 8-га аддзела УДБ НКУС БССР малодшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі У. Урываеў і начальнік аддзялення гэтага аддзела сяржант дзяржаўнай бяспекі У. Анікееў - у 1940-м былі асуджаны і прыгавораны: першы - да расстрэлу, другі - да зняволення ў ППЛ.

На жаль, далейшы лёс У. Яноўскага застаецца пакуль невядомым. А І. Шараватых пасля Вялікай Айчыннай вайны да сваёй смерці ў 1981 годзе жыў у расійскім Іркуцку, дзе займаў кіруючыя пасады ў абласных арганізацыях і на вытворчасці, у 1950-х быў старшынёй праўлення Аблмэбльпрамсаюза, узначальваў упраўленне лесапільна-дрэваапрацоўчай і мэблевай прамысловасці Іркуцкага Саўнаргаса, з 1963 года быў намеснікам кіраўніка мэблевай фірмы «Байкал».


Юры КУР’ЯНОВІЧ.