17 августа 2018К 100-летию уголовного розыска


У гісторыі Беларусі 1990-я гады сталі пераломнымі і лёсавызначальнымі. Карэнныя змены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці, у выніку якіх рэспубліка ўпершыню стала суверэннай дзяржавай, вызначылі і кардынальна новы этап у развіцці і дзейнасці беларускай міліцыі і, у прыватнасці, яе вядучай аператыўнай службы - крымінальнага вышуку



27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Дэкларацыя абвясціла «вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады» рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах».

25 жніўня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР», на падставе якіх былі ўнесены адпаведныя змены ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

19 верасня 1991-га Вярхоўны Савет прыняў шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае афармленне асноў дзяржаўнасці. Гэта выявілася ў змене сімволікі рэспублікі і перайменаванні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаных назвах - Беларусь).

Пасля абвяшчэння незалежнасці пачаўся новы этап развіцця дзяржавы. Ва ўласнасць краіны пераходзілі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага і саюзна-рэспубліканскага падпарадкавання, размешчаныя на яе тэрыторыі. Пачалося фарміраванне дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства ўнутраных спраў БССР ператваралася з саюзна-рэспубліканскага ў рэс-публіканскае. Органы, установы і арганізацыі МУС СССР на тэрыторыі Беларусі былі пераведзены пад юрысдыкцыю Рэспублікі Беларусь з уключэннем іх у сістэму МУС Беларусі.

У сістэме органаў унутраных спраў адбыліся грунтоўныя арганізацыйна-структурныя змены. У 1991 годзе ў Беларусі была ўстаноўлена трохзвенная сістэма кіравання міліцыяй:
- органы і падраздзяленні міліцыі ў складзе апарата МУС;
- крымінальная міліцыя, міліцыя грамадскай бяспекі, спецыяльная міліцыя УУС аблвыканкамаў, ГУУС Мінгарвыканкама;
- крымінальная міліцыя, міліцыя грамадскай бяспекі, АУС выканкамаў гарадскіх, раённых Саветаў народных дэпутатаў.
Структура Міністэрства ўнутраных спраў, зацверджаная Пастановай Савета Міністраў БССР ад 30 мая 1991 года, выглядала наступным чынам: галоўныя ўпраўленні (крымінальнай мі­ліцыі, грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі, па выкананні пакаранняў, пажарнай аховы), упраўленні (следчае, па працы з асабовым складам, штаб, фінансава-планавае, гаспадарчае, 7-е), аддзелы (па выкананні пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, ваенна-мабілізацыйнай работы і грамадзянскай абароны, сувязі, спецыяльных перавозак, медыцынскі), сакратарыят. Пры МУС знаходзіліся аб’яднанне «Ахова», інфармацыйны цэнтр, вузел аператыўнай сувязі, навучальныя цэнтры, музей, бібліятэка, лячэбна-прафілактычныя і іншыя ўстановы, неабходныя для выканання службовых задач.

У структуры галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС было ўпраўленне крымінальнага вышуку, якое ўзначальваў палкоўнік міліцыі Валерый Міхайлавіч Казлоў.

26 лютага 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб міліцыі» (уведзены ў дзеянне з 1 сакавіка таго ж года) - асноўны нарматыўны прававы акт, які рэгламентуе дзейнасць органаў унутраных спраў рэспублікі. У дадзеным Законе ўпершыню на заканадаўчым узроўні выразна замацоўваліся асноўныя прынцыпы, задачы, арганізацыя, абавязкі і правы міліцыі, рэгламентавалася прымяненне міліцыяй фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў і агнястрэльнай зброі, прававая і сацыяльная абарона супрацоўнікаў міліцыі, служба ў міліцыі, яе фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, вызначаліся кантроль і нагляд за дзейнасцю міліцыі. У ім асабліва падкрэслівалася, што органы дзяржаўнай улады, якія ажыццяўляюць кантроль за працай міліцыі, не маюць права ўмешвацца ў яе аператыўна-вышуковую, крымінальна-працэсуальную дзейнасць, а таксама ў вытворчасць па справах адміністрацыйных права-парушэнняў.


Дзейнасць органаў унутраных спраў у 1990-х гадах праходзіла ў складанай апера-тыўнай абстаноўцы, неспрыяльнае развіццё якой было звязана з працэсам кансалідацыі крымінальнага асяроддзя, ростам прафесіяналізму і арганізавана-сці злачынцаў, іх тэхнічнай аснашчанасцю. На старонках рэспубліканскага дру­ку пастаянна і зацікаўлена абмяркоўваліся пытанні барацьбы са злачыннасцю. Танальнасць газетных і часопісных публікацый насіла востра сацыяльны характар. Вось загалоўкі некаторых падобных газетных артыкулаў: «Отечественная «коза ностра»: мифы и реальность» («На страже Октября» ад 28 студзеня 1991 г.), «Мафия, если сейчас не дать ей по рукам, как рак, съест государство в один присест» («Народная газета» ад 10 красавіка 1992 г.), «Взятка - норма жизни?» («На страже» ад 4 сакавіка 1994 г.).

Вядомы расійскі вучоны-прававед, прафесар, генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Іванавіч Карпец (1921 - 1993; у 1969 - 1979 гг. - начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў СССР) у 1991 годзе адзначаў: «...Цяперашнія часы характарызуюцца ўзрастаннем і ўскладненнем злачыннасці. Справа не толькі ў колькасных паказчыках. Якасць яе стала іншай. Больш цяжкай. Больш выдасканаленай. Не забудзем у гэтай сувязі аб тым, што сучасны злачынец лепш узброены, больш люты, бязлітасны. Часцяком дзейнічае ў групе. Яго «праца» добра арганізавана... Крымінагенная сама сацыяльная, маральная, палітычная атмасфера, у якой жыве краіна. Сітуацыя вельмі трывожная».

З улікам наяўнага крымінагеннага становішча кі­раў­ніцтва МУС Беларусі прымала грунтоўныя меры, дзякуючы чаму ўдалося забяспечыць на належным узроўні ахову грамадскага парадку і арганізаваць барацьбу са злачыннасцю. асноўны цяжар лёг на плечы супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. У гэты складаны час упраўленнем крымінальнага вышуку МУС кіравалі Вячаслаў Міхайлавіч Семянкевіч, Мікалай Іванавіч Лапацік, Мікалай Сяргеевіч Губскі, Міхаіл Міхайлавіч Мядзведзеў, Юрый Аляксандравіч Гайдаш.

Арганізацыйныя змены і новыя падыходы да праблемы аховы грамадскага парадку і барацьбы са злачыннасцю былі замацаваны ў законе ад 17 ліпеня 2007 года «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», які вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы дзейнасці органаў унутраных спраў, абавязкі і правы супрацоўнікаў, гарантыі іх прававой і сацыяльнай абароны.

Паводле гэтага закона сістэму органаў унутраных спраў функцыянальна ўтвараюць: міліцыя, якая складаецца з кры-мінальнай міліцыі, міліцыі грамадскай бяспекі і іншых падраздзяленняў, што ствараюцца для выканання задач міліцыі па рашэнні Міністра ўнутраных спраў; падраздзя­ленні па грамадзянстве і мігра­цыі; падраздзяленні аховы; пад­раздзяленні фінансаў і тылу; органы і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Крымінальная міліцыя, у склад якой уваходзяць пад­раздзяленні крымінальнага вышуку, з’яўляецца структурнай адзінкай Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый).

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Палажэннем аб Міністэрстве ўнутраных спраў, зацверджаным 4 снежня 2007 года, ведамства непасрэдна падпарадкоўваецца Прэзідэнту, які сцвярджае яго структуру, штаты, пералік пасад вышэйшага начальніцкага складу, калегію МУС, яе колькасць і склад; прызначае на пасаду і вызваляе ад яе асоб у адпаведнасці з рэестрам Кіраўніка дзяржавы. Палажэнне рэгламентуе асноўныя функцыі і задачы міністэрства.

З набыццём дзяржаўнага суверэнітэту адбыліся прынцыповыя змены ў міжнародным статусе Беларусі. Рэспубліка пашырыла свой удзел у арганізацыях сістэмы ААН, падпісала шэраг двухбаковых пагадненняў, дагавораў з краінамі блізкага і далёкага замежжа, якія сталі асновай для наладжвання міжнародных кантактаў на ўзроўні дзяржаўных структур, у тым ліку і МУС, па аказанні прававой дапамогі ў барацьбе са злачыннасцю.

4 кастрычніка 1993 года Беларусь была прынята ў Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі - Інтэрпол (International Criminal Police Organization, ICPO), у структуры апарата МУС стала функцыянаваць Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола.

У межах Садружнасці Незалежных Дзяржаў МУС Рэспублікі Беларусь ініцыявала правядзенне першай сустрэчы міністраў унутраных спраў дзяржаў - удзельніц СНД (13 - 14 лютага 1992 года, Мінск). На другой сустрэчы міністраў, якая праходзіла 23 - 24 красавіка таго ж года ў Алма-Аце (Казахстан), яе ўдзельнікамі было падпісана Пагадненне аб узаемадзеянні міністэрстваў унутраных спраў незалежных дзяржаў у сферы барацьбы са злачыннасцю.

У адпаведнасці з дакументам створаны каардынацыйны орган - Нарада Савета міністраў унутраных спраў краін Садружнасці. З тых часоў сустрэчы кіраўнікоў МУС дзяржаў - удзельніц СНД сталі рэгулярнымі. 19 студзеня 1996 года рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД Нарада пераўтворана ў Савет міністраў унутраных спраў дзяржаў - удзельніц СНД (СМУС).

Трывалым і плённым з’яўляецца прафесійнае супра­цоўніцтва МУС Рэспублікі Беларусь з МУС Расіі, у прыватнасці, па лініі крымінальнага вышуку.

У 1998 годзе з’явілася такая но-вая форма сумеснай дзейнасці, як правядзенне ўзгодненых маштабных вышуковых мера-прыемстваў. Cпачатку яны праводзіліся толькі на тэрыторыі прыгранічных рэгіёнаў, а ў цяперашні час выраслі да міждзяржаўнага спецыяльна-га комплекснага мерапрыемства (МСКМ) «Вышук», якое ажыццяўляецца на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц СНД два разы ў год. Станоўча зарэкамендавала сябе практыка накіравання аператыўных груп з ліку супрацоўнікаў кры-мінальнага вышуку органаў унутраных спраў Беларусі ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі для правядзення ўзгодненых аператыўна-вышуковых мера­пры­ем­­­стваў падчас МСКМ «Вышук». Напрыклад, у бягучым годзе такім чынам было знойдзена 204 злачынца, 545 даўжнікоў (адказчыкаў) па грамадзянскіх справах, высветлены лёс 115 без вестак зніклых асоб.

Важнай вехай ва ўмацаванні супрацоўніцтва праваахоўных структур сталі міжнародныя сустрэчы кіраўнікоў вышуку краін СНД, што праводзяцца з пачатку 2000-х гадоў.

III міжнародная сустрэча кіраўнікоў вышуку дзяржаў - удзельніц СНД і запрошаных краін адбылася 21 - 23 мая 2003 года ў Мінску. Старшыняваў на ёй начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Валянцін Станіслававіч Патаповіч (сёння - старшыня рэспубліканскага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў). На гэтай сустрэчы, у якой таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі паліцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі, былі абмеркаваны пытанні, што датычыліся стану, развіцця і ўдасканалення міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з крымінальным аўтабізнесам, вышуку злачын-цаў і асоб, зніклых без вестак, укаранення ў практычную дзейнасць органаў міліцыі/паліцыі перадавых дасягненняў навукі і тэхнікі.

Рэаліі абавязваюць бела­рус­кіх сышчыкаў шукаць но­выя па­дыходы, шырэй выка­рыстоўваць розныя фор­мы і метады аператыўна-вышуковай дзейнасці, эфектыўна ўзаема­дзейнічаць з права­ахоўнымі струк­турамі замежных краін.

На падраздзяленні кры-мінальнага вышуку ўскладзены задачы па выяўленні, папя-рэджанні, спыненні і раскрыцці асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў супраць асобы і злачынстваў мінулых гадоў, па супрацьдзеянні маёмасным злачынствам, вышуку асоб, якія схаваліся ад следства і суда, а таксама без вестак зніклых, дзярждаўжнікоў і адказчыкаў, ідэнтыфікацыі неапазнаных трупаў.

У 1990 - 2000-х сродкі і метады дзейнасці падраздзяленняў крымінальнага вышуку органаў унутраных спраў працягвалі ўдасканальвацца. З улікам наяўнай аператыўнай абстаноўкі змянялася іх структура і арганізацыйна-штатная пабудова, уносіліся неабходныя карэктывы ў арганізацыю аператыўна-службовай дзейнасці, павышалася эфектыўнасць выкарыстання кадравага патэнцыялу, пашыралася міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы супрацьдзеяння розным відам злачыннасці, абнаўлялася нарматыўная прававая база.

У мэтах захавання і прымнажэння лепшых традыцый крымінальнага вышуку заснаваны пераходны прыз імя П. А. Каралёва «За адданасць службе крымінальнага вышуку і высокае майстэрства ў аператыўна-вышуковай дзей­насці», урачыстае ўзнагароджанне якім упершыню адбылося ў студзені 2016 года на пасяджэнні выніковай калегіі МУС.Прыз атрымалі аддзяленні крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС (Гомельшчына), Кіраўскага РАУС, аддзелы крымінальнага вышуку Гродзенскага РАУС, Пінскага ГАУС, Маскоўскага РУУС Мінска. Заслужаны работнік МУС СССР палкоўнік міліцыі П. А. Каралёў (1924 - 2004) за 40 гадоў службы прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да началь­ніка ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР, якое ўзначальваў у 1970 - 1981 гг.

У памяці таварышаў па службе ён застаўся ўмелым кіраўніком і прафесійным вышукніком, які выяўляў высокае майстэрства ў арганізацыі раскрыцця найбольш цяжкіх злачынстваў.

Дэвізу органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь: «Служым Закону, Народу, Айчыне!» супрацоўнікі беларускага крымінальнага вышуку верныя ўжо на працягу 100 гадоў.


Юры КУР’ЯНОВІЧ, газета "На страже".
Фота з асабістага архіва аўтара і музея МУС Беларусі.

З успамінаў старшыні рэспублікан­скага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Валянціна Станіслававіча ПАТАПОВІЧА, у 2000 - 2004 гадах першага намесніка начальніка крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь - начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку:
- Прапанова заняць пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення кры­мінальнага вышуку стала для мяне нечаканай. Напрыканцы лістапада 2000 года я быў выкліканы да Міністра ўнутраных спраў. Размова адбылася непрацяглай, але змястоўнай і з даверам. Мне цяжка адназначна сказаць, што ў канчатковым выніку паўплывала на выбар маёй кандыдатуры. Мяркую, гэтаму ў немалой ступені спрыяў шматгадовы вопыт кіраўніцкай работы на пасадах начальніка крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі, намесніка начальніка і начальніка райаддзела і, нарэшце, першага намесніка начальніка крымінальнай міліцыі сталічнага ГУУС, якую я тады займаў. Безумоўна, вялікую ролю адыграла і рэкамендацыя кіраўніцтва ГУУС, якое ўзначальваў Барыс Казіміравіч Тарлецкі.

Кожны новы кіраўнік павінен прыўнесці ў працу свайго падраздзялення штосьці эфектыўнае і карыснае. А інакш губляецца ўвесь сэнс кадравых прызначэнняў.

Калі казаць коратка і вобразна, то на новай пасадзе ў першую чаргу я пастараўся пазбавіць сваіх падначаленых ад пастаянных камандзіровак па праверках аператыўна-службовай дзейнасці, у якія іх задзейнічалі па заданнях штаба. Асноўны абавязак супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку быў і застаецца не толькі самім удзельнічаць у раскрыцці злачынстваў і аказваць у гэтым неабходную арганізацыйна-практычную дапамогу калегам у рэгіёнах, але і распрацоўваць дзейсныя методыкі ў сферы аператыўна-вышуковай дзейнасці. Будзе сказана не ў крыўду калегам з штаба, падкрэслю, важнага і неабходнага ў сістэме МУС падраздзялення.

Сярод тых ініцыятыў, якія мне ўдалося ажыццявіць на пасадзе кіраўніка крымінальнага вышуку Беларусі разам з усім асабовым складам глаўка, не без гонару магу назваць - стварэнне ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў і аддзела псіхолага-тэхнічнага забеспячэння раскрыцця злачынстваў (аддзела паліграфных даследаванняў).

Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю ўсіх сваіх былых калег: Аляксандра Аляксандравіча Капуцкага, Пятра Сяргеевіча Сеніна, Аляксандра Аляксандравіча Ермаловіча, Германа Ігаравіча Дзёмкіна, Віталя Сяргеевіча Субеліані і многіх іншых, з якімі давялося працаваць бок аб бок і дзяліць радасці і няўдачы.

У цяперашні час у аператыўна-вышуковай дзейнасці шырока выкарыстоўваецца паліграф або «дэтэктар хлусні», як яго яшчэ называюць. А першае апытанне з выкарыстаннем паліграфа ў дачыненні да падазраванага правёў у жніўні 2001 года старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення крымінальнага вышуку МУС маёр міліцыі Уладзімір Князеў. Разам з ім мы распрацоўвалі інструкцыю пра парадак правядзення органамі ўнутраных спраў апытання грамадзян з выкарыстаннем паліграфа, якая была зацверджана ў 2001-м.

Сёння тэлеэкраны запаланілі фільмы пра бравых, бясстрашных сышчыкаў, якія з лёгкасцю раскрываюць злачынствы. Але праца опера крымінальнага вышуку далёкая ад кіношнай гісторыі. Гэта штодзённая руцінная праца, часцяком без сну і адпачынку, праца ў імя высакароднай мэты - трыумфа закона і справядлівасці.

Задача сучасных кіраўнікоў крымінальнага вышуку і старэйшых, больш вопытных калег - абапіраючыся на назапашаную гадамі практыку, чалавечую мудрасць, аказаць падтрымку, даць своечасовы савет і дапамагчы моладзі хутчэй авалодаць прафесіяй, прымаць асэнсаваныя рашэнні і быць адказнымі за вынікі ўласных дзеянняў. У сваю чаргу мы, ветэраны, гатовы словам і справай дапамагаць у вырашэнні складаных і адказных задач па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў, умацаванні правапарадку. Верым і спадзяёмся, што прыклад старэйшых пакаленняў будзе надзейнай апорай і верным арыенцірам для маладых калег.

Сяргей ЯГНЕШКА: «Той дзень мне запомніўся на ўсё жыццё...»

Сяргей Генадзьевіч Ягнешка праходзіў службу ў органах унутраных спраў у 1992 - 2016 гг.

У 2014 - 2016 гг. узначальваў аддзел вышуковай работы УКВ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы ўспамінае адзін з эпізодаў сваёй службы:
- Аб гэтым злачынстве гаварыў увесь горад. Днём 14 лістапада 1996 года я, лейтэнант міліцыі, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Гродна, разам са старшыной міліцыі П. Піглюком «адпрацоўвалі» раён вуліцы Соламавай, дзе было здзейснена двайное забойства. Каля тэлефоннага аўтамата заўважылі двух хлопцаў, якія па прыкметах былі падобнымі на тых, каго мы шукалі. Вырашылі праверыць у незнаёмцаў дакументы. Аднак, як толькі я наблізіўся і прадставіўся, адзін з іх, не вымаючы рук з кішэні плашча, некалькі разоў стрэліў ва ўпор. Наступныя кулі прызначаліся для вадзіцеля, які чакаў ля машыны. На шчасце, бандыт прамахнуўся. Нягледзячы на праследаванне, яны схаваліся ў бліжэйшых дамах. Сыходзячы крывёй, я здолеў дабегчы да дзяжурнай часткі, назваў прыкметы злачынцаў і страціў прытомнасць.

Куля прайшла праз печань, раздрабіла нырку, засела каля хрыбетніка. За месяц я перанёс тры складаныя аперацыі...
Пакуль медыкі змагаліся за маё жыццё, калегі займаліся пошукамі злачынцаў. Як мне потым стала вядома, пры затрыманні яны аказалі ўзброенае супраціўленне. На іх рахунку было некалькі забойстваў і шэраг разбойных нападаў не толькі на тэрыторыі Гродзеншчыны, але і ў Расіі, у Чалябінскай вобласці.

Той даждлівы лістападаўскі дзень мне запомніўся на ўсё жыццё. Можна з упэўненасцю сказаць, што я нарадзіўся другі раз…